ХАДЗЬБА́ СПАРТЫ́ЎНАЯ,

від лёгкай атлетыкі. Ад звычайнай хадзьбы адрозніваецца абавязковым выпростваннем апорнай нагі ў каленным суставе пры верт. становішчы, ад бегу — адсутнасцю безапорнай фазы руху. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца на дыстанцыях 5, 10 і 20 км, сярод мужчын — 5, 10, 15, 20, 30, 50 км і на час (1 і 2 гадз). Спартсмен за 1 мін робіць 200—210 крокаў даўж. 110—120 см.

Як від спорту склалася ў 2-й пал. 19 ст. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў аматарскім Атлетычным клубе (1866, Англія) на дыстанцыі 7 міль (11 км). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны; дыстанцыі 3,5 км і 10 міль), з 1932 мужчыны спаборнічаюць на дыстанцыі 50 км. з 1956 — і на дыстанцыі 20 км; жанчыны — на дыстанцыях 10 км (з 1992) 1 20 км (з 2000). У праграме чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы з 1934. чэмпіянатаў свету — з 1976. Буйнейшыя міжнар. асабіста-камандныя спаборніцтвы па Х.с. на Кубак г. Лугана (Швейцарыя) з 1961. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Х.с. ўваходзіць у лёгкаатлетычныя праграмы з 1944. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры Алімп. гульняў Я.​Маскінскоў (1956), Я.​Іўчанка і П.​Пачынчук (1980); прызёры чэмпіянатаў свету Я Місюля (1991, 1995), М.​Хмяльніцкі (1997), В.​Цыбульская (1997, 2001) і інш.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)